top of page

Belarus Beehive 2.0.
Частыя пытанні (FAQ)

1. Што такое праграма Belarus Beehive 2.0?
 

Праграма Belarus Beehive 2.0 накіравана на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі з мэтай узмацнення яе ролі ў дэмакратычных пераўтварэннях краіны. Асноўныя мэты праграмы ўключаюць узмацненне ўстойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) і падтрымку іх праектаў. 

 

2. Якія катэгорыі грантаў (лоты) існуюць у рамках праграмы?
 

Праграма падзелена на тры лоты:

  • Лот 1: Падтрымка праектаў АГС унутры і па-за межамі Беларусі.

  • Лот 2: Арганізацыйнае развіццё і інстытуцыйная падтрымка АГС.

  • Лот 3: Падтрымка кааліцый АГС, сектаральных палітычных устаноў і сетак.

     

3. Хто можа падаць праектную прапанову?
 

Зарэгістраваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці і незарэгістраваныя ініцыятывы, якія дзейнічаюць у Беларусі або па-за яе межамі ў краінах ЕС, Усходняга партнёрства або ЕЭЗ. Праектныя прапановы ад індывідуальных асоб не будуць прымацца – за кожнай ідэяй мусіць стаяць каманда людзей ці група аднадумцаў.


4. Якія віды дзейнасці падтрымлівае праграма?
 

       Праграма падтрымлівае шырокі спектр дзейнасці, у тым ліку:
 

  • Падтрымку дэмакратычных ініцыятыў і абароны правоў чалавека: у гэта ўваходзіць дзейнасць, накіраваная на прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў чалавека, свабоды слова, сходаў і аб’яднанняў, а таксама ініцыятывы для павышэння грамадскай актыўнасці і ўдзелу насельніцтва ў дэмакратычных працэсах.
     

  • Сацыяльныя і тэхналагічныя інавацыі: праекты, якія імкнуцца да сацыяльных змен праз выкарыстанне новых тэхналогій, развіццё стартапаў, распрацоўку інавацыйных рашэнняў для грамадскіх праблем, а таксама ініцыятывы, якія спрыяюць лічбавай трансфармацыі грамадства.
     

  • Развіццё адукацыйных матэрыялаў і анлайн-курсаў: стварэнне і распаўсюд адукацыйных рэсурсаў, правядзенне трэнінгаў, вэбінараў і анлайн-курсаў для павышэння ўзроўню кампетэнцый у розных сферах, у тым ліку ў грамадзянскай адукацыі, правах чалавека, кіраванні праектамі і інш.
     

  • Арганізацыйнае развіццё і паляпшэнне ўнутраных працэдур АГС: узмацненне інстытуцыйнага патэнцыялу арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ўдасканаленне стратэгічнага планавання, кіравання, фінансавай устойлівасці, унутраных працэдур і палітык, а таксама павышэнне здольнасці да эфектыўнага кіравання праектамі і рэсурсамі.


 

5. Як падаць праектную прапанову?
 

Праектныя прапановы падаюцца праз спецыялізаваную вэб-аплікацыю. Для доступу неабходна запытаць індывідуальны акаўнт на абароненым сэрвісе Gmail праз форму па спасылцы, дадзенай
у дакументацыі праграмы.

 

6. Якія тэрміны падачы праектных прапаноў? 
 

  • Лот 1: 8 верасня 2024 г., 14 лютага 2025 г., 1 траўня 2025 г. 

  • Лот 2: 8 верасня 2024 г., 14 лютага 2025 г.

  • Лот 3: 8 верасня 2024 г., 14 лютага 2025 г.

    Для ўсіх лотаў праектныя прапановы прымаюцца да 23:59 (час паводле Мінска, Беларусь UTC/GMT +3:00) у адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Палажэнні конкурсу.

     

7. Калі ў нас няма юрыдычнай асобы, як мы можам атрымаць сродкі?

Атрыманне сродкаў без юрыдычнай асобы залежыць ад краіны вашай дзейнасці і мясцовага падатковага заканадаўства. Першы варыянт – гэта знайсці арганізацыю, якая мае юрыдычны статус і можа прыняць грант на свой рахунак ад вашага імя.
 

Таксама не выключана магчымасць атрымання гранта на асабісты рахунак, аднак у такім выпадку варта звярнуць увагу на падаткі, якія могуць быць сплачаныя з атрыманай сумы гранта (у залежнасці ад краіны вашага знаходжання і вашага статусу ў ёй).


8. Як запаўняецца бюджэт праекта?

Бюджэт праекта запаўняецца ў вэб-аплікацыі, якая выкарыстоўваецца для падачы праектных прапаноў у рамках праграмы. Усе неабходныя раздзелы і артыкулы выдаткаў мусяць быць дэталёва апісаны і ўнесены ў адпаведныя формы ў гэтай вэб-аплікацыі.


 

9. Што адбудзецца пасля падачы праектнай прапановы і колькі часу займае разгляд?

Пасля падачы праектнай прапановы яна праходзіць адміністрацыйную праверку і ацэнку незалежнымі экспертамі. Гэты працэс займае да 45 дзён, пасля чаго праект накіроўваецца на разгляд Адборачнай камісіі. Заключэння кантракта пасля зацвярджэння праекта трэба чакаць прыблізна 1,5 месяца. У суме разгляд праектнай прапановы і працэс заключэння кантракта могуць заняць каля 3 месяцаў.
 

 

10. Што рабіць, калі мая праектная прапанова была адхілена?
 

Калі ваша праектная прапанова была адхілена (гэта можа адбыцца з розных прычын), вы маеце права на абскарджанне рашэння пасля адміністрацыйнай праверкі. Падрабязная працэдура абскарджання апісана ў Палажэнні, раздзел 5.3.1.1. Рэкамендуецца азнаёміцца з гэтым раздзелам, каб атрымаць інструкцыі для наступных дзеянняў.


11. Як адбываецца фінансаванне праекта?
 

Фінансаванне праектнай прапановы ажыццяўляецца траншамі, у залежнасці ад працягласці праекта і сумы гранта. Калі сума праекта перавышае 5000 еўра, сродкі могуць быць пералічаны толькі на банкаўскі рахунак. Для праектаў з меншай сумай (да 5000 еўра) магчымы наяўны разлік.

Грантавая падтрымка ажыццяўляецца ў форме кампенсацыі затрат. Праграма пакрывае ўскосныя выдаткі да 7 % ад агульнай сумы прамых дапушчальных затрат. Сродкі пералічваюцца ў два ці тры траншы (80 % + 20 % ці 50 % + 40 % + 10 %), у залежнасці ад параметраў праекта.

Апошні транш (10 %) выплачваецца пасля завяршэння праекта і выканання фінальнай справаздачнасці.

Пасля паспяховай рэалізацыі праекта і выканання справаздачнасці заяўнік можа падаць новую праектную прапанову для ўдзелу ў наступных конкурсах у рамках таго ж або іншага лота.

 

12. Ці магу я падаць некалькі праектных прапаноў на розныя лоты?
 

Так, заяўнік можа падаць больш за адну праектную прапанову ў рамках гэтага конкурсу, але толькі калі праектныя прапановы падаюцца на розныя лоты. Таксама заяўнік можа быць сузаяўнікам у іншай праектнай прапанове.

 

13. Якія крытэрыі адбору праектных прапаноў?
 

Праектныя прапановы ацэньваюцца паводле наступных крытэрыяў:
 

  • Адпаведнасць праектнай прапановы прыярытэтам і мэтам праграмы.

  • Якасць і рэалістычнасць прапанаванага плана дзеянняў і бюджэту.

  • Аперацыйныя магчымасці заяўніка. 

  • Каб азнаёміцца з ацэначнай сеткай, якой карыстаюцца незалежныя эксперты, гл. Крок 2 Палажэння «Ацэнка праектнай прапановы». 

     

14. Ці могуць быць адхілены выдаткі, указаныя ў бюджэце праекта?
 

Так, некаторыя віды выдаткаў не з’яўляюцца дапушчальнымі для пакрыцця грантам. Да іх адносяцца даўгі, працэнты па даўгах, купля зямлі або будынкаў, страты пры абмене валюты і падаткі, якія могуць быць кампенсаваны ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам (такія як VAT).

 

15. Як доўга можа доўжыцца праект? 
 

  • Для праектаў лота 1: мінімальная працягласць 2 месяцы, максімальная – 12 месяцаў.

  • Для праектаў лотаў 2 і 3: мінімальная працягласць 3 месяцы, максімальная – 12 месяцаў.

     

16. Якія ёсць абавязкі ў забеспячэнні бачнасці праекта?

Усе публічныя згадкі пра праект і яго прадукты мусяць уключаць інфармацыю пра падтрымку ад праграмы Belarus Beehive, калі гэта не аказвае негатыўнага ўплыву на дзейнасць заяўніка.
Калі праект рэалізуецца пераважна на тэрыторыі Беларусі, патрабаванні да бачнасці могуць быць змякчаны ці адсутнічаць.

 

17. Якія меры бяспекі неабходна выконваць пры падачы праектнай прапановы
з Беларусі?


Заяўнікам з Беларусі рэкамендуецца выкарыстоўваць VPN пры доступе да вэб-аплікацыі для падачы заяўкі. Гэта забяспечыць абарону вашай інфармацыі і бяспеку ў працэсе падачы праектнай прапановы.

 

18. Ці можна быць адначасова нанятым супрацоўнікам і аказваць іншыя паслугі
ў рамках праекта?

 

Не, калі чалавек працуе ў праекце на стаўку (незалежна ад яе велічыні: 25 % ці 100 %), ён не можа аказваць ніякіх іншых паслуг у гэтым жа праекце, у тым ліку паслуг эксперта, лектара, аналітыка, мадэратара і г. д.

 

19. На якой мове можна запаўняць праектную прапанову?

Праектныя прапановы можна запаўняць на беларускай, рускай або англійскай мовах.
Усе дакументы праграмы Belarus Beehive даступныя на англійскай і беларускай мовах. 

 

20. Ці ёсць форма ацэнкі арганізацыйнага патэнцыялу для ўдзелу ў конкурсах
лотаў 2 і 3?


Так, для ўдзелу ў конкурсах лотаў 2 і 3 неабходна даць дакумент з ацэнкай (дыягностыкай) арганізацыйнага патэнцыялу, які мусіць быць распрацаваны знешнім кансультантам на працягу апошніх 12 месяцаў да заканчэння тэрміну прыёму праектных прапаноў. Вы можаце азнаёміцца ​​з прыкладным пералікам пытанняў, на падставе якіх праходзіць ацэнка, на сайце.


21. Ці можа бізнес-план быць залічаны як ацэнка арганізацыйнага патэнцыялу (ОСА)?

Не, бізнес-план не можа быць залічаны як ацэнка арганізацыйнага патэнцыялу. Для ўдзелу ў конкурсах лотаў 2 і 3 патрабуецца спецыяльны дакумент з ацэнкай арганізацыйнага патэнцыялу, які мусіць уключаць стратэгічны менеджмент, выніковасць, праектна-праграмную дзейнасць і іншыя аспекты.

 

22. Мы праводзілі стратэгічнае планаванне. Ці будзе наш стратэгічны план валідны
для ўдзелу ў конкурсах лотаў 2 і 3?


Не, стратэгічны план сам па сабе не з’яўляецца заменай ацэнкі арганізацыйнага патэнцыялу. Ацэнка мусіць быць праведзена знешнім кансультантам і ўключаць канкрэтныя крытэрыі, такія як стратэгічны менеджмент, выніковасць і грамадская карыснасць, структура і інфраструктура, сістэма кіравання, а таксама пазіцыянаванне і сеткавае ўзаемадзеянне арганізацыі.

Але, магчыма, ваша стратэгічнае планаванне ўключала этап ацэнкі (дыягностыкі) арганізацыйнага патэнцыялу. Звяжыцеся з тым экспертам ці эксперткай і пракансультуйцеся адносна гэтага пытання.

 

23. Якую метадалогію вы выкарыстоўваеце для ацэнкі арганізацыйнага патэнцыялу падчас адбору заявак?

Ацэнка арганізацыйнага патэнцыялу (Organisational Capacity Assessment) праводзіцца на падставе крытэрыяў, якія ўключаюць стратэгічны менеджмент, выніковасць і грамадскую карыснасць, структуру і інфраструктуру, сістэму кіравання, а таксама пазіцыянаванне і сеткавае ўзаемадзеянне. Метадалогія ацэнкі вызначаецца знешнім кансультантам у супрацоўніцтве з праграмай Belarus Beehive, але базавай метадалогіяй праграмы з’яўляецца ІМАКОН.

 

24. Якія тыпы арганізацый могуць звярнуцца па дапамогу ў рамках лотаў 2 і 3?

Для ўдзелу ў конкурсах лотаў 2 і 3 могуць звяртацца беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, нефармальныя групы без статусу юрыдычнай асобы (лот 2), а таксама кааліцыі, сеткі і інстытуты сектаральнай палітыкі, якія адпавядаюць крытэрыям прымальнасці (лот 3).

У межах лота 2 могуць быць падтрыманы арганізацыі грамадзянскай супольнасці, як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя ініцыятывы, створаныя (ініцыяваныя) беларускімі грамадзянамі або беларускімі грамадзянамі ў супрацоўніцтве з беларускай дыяспарай у іншых краінах, якія маюць мэты, звязаныя з дэмакратызацыяй ці іншымі відамі дапамогі Беларусі і беларускаму грамадству.

У межах лота 3 могуць быць падтрыманы сеткі і кааліцыі, якія стала працуюць для дасягнення дэмакратычных змен у Беларусі або для супольнай адвакацыі інтарэсаў беларускіх грамадзян. Таксама ў лоце 3 могуць быць падтрыманы буйныя беларускія няўрадавыя арганізацыі, установы або асацыяцыі, якія ўзялі на сябе адказнасць за каардынацыю распрацоўкі, рэалізацыю або кантроль за рэалізацыяй сектаральнай палітыкі, напрыклад, у галіне падтрымкі грамадзянскай супольнасці, даследаванняў, адукацыі, культуры, гуманітарнай дзейнасці або аховы здароўя і інш., а таксама беларускія (су-)імплементары замежнай дапамогі.

 

25. Ці могуць арганізацыі, якія знаходзяцца на ранняй стадыі развіцця, падаваць праектныя прапановы на ўдзел у лотах 2 і 3?

Так, такое магчыма. Але ваша арганізацыя мусіць мець гісторыю дзейнасці, не меншую, чым год. Таксама неабходна будзе даць дакументы, якія пацвярджаюць  патэнцыял і здольнасць да рэалізацыі праектаў, а таксама прайсці ацэнку арганізацыйнага патэнцыялу. Трэба зазначыць, што пад арганізацыяй не абавязкова разумеецца наяўнасць статусу зарэгістраванай арганізацыі.

 

26. Як Belarus Beehive вызначае прыярытэтнасць мэтавых груп і іх патрэб?

Праграма высвятляе і карэктуе свае прыярытэты на аснове даследаванняў, аналізу сацыяльных і палітычных выклікаў, а таксама на аснове кансультацый з зацікаўленымі бакамі і вынікаў папярэдніх конкурсаў. Аднак вызначэнне сваіх мэтавых груп і іх патрэб – задача заяўніка. Менавіта заяўнік мусіць пераканаўча данесці да праграмы важнасць працы з той ці іншай мэтавай групай.

 

27. Ці можа ваша праграма дапамагчы ў правядзенні ацэнкі (дыягностыкі) арганізацыйнага патэнцыялу перад падачай праектнай прапановы?

Так, арганізацыі могуць запытаць дапамогу ў правядзенні ацэнкі (дыягностыкі) арганізацыйнага патэнцыялу ў праграмы Belarus Beehive. Кансультанты даюцца па меры даступнасці рэсурсаў і ў парадку чаргі. Глядзіце, калі ласка, п. 8 Палажэння.

Ацэнка (або дыягностыка) арганізацыйнага патэнцыялу – гэта працэс, які дазваляе ацаніць, на якой стадыі развіцця знаходзіцца арганізацыя, і тыпы патрэб, якія яна мае, каб спланаваць адпаведныя мерапрыемствы для нарошчвання патэнцыялу. Падчас ацэнкі патэнцыялу мы зыходзім з таго, што арганізацыя мусіць абапірацца на свае моцныя бакі і факусавацца на нарошчванні патэнцыялу ў тых галінах, што атрымалі слабыя адзнакі эксперта.

 

28. Якія крытэрыі адбору найбольш важныя пры ацэнцы праектных прапаноў
для лотаў 2 і 3?


Найбольш важнымі крытэрыямі адбору з’яўляюцца адпаведнасць праектнай прапановы мэтам праграмы і адпаведнага лота праблемам, адзначаным у ацэнцы (дыягностыцы) арганізацыйнага патэнцыялу, якасць праектнага плана і бюджэту, а таксама здольнасць арганізацыі да рэалізацыі праекта. Большы прыярытэт маюць арганізацыі, якія працуюць з мэтавымі групамі ўнутры Беларусі, з’яўляюцца «цэнтрамі прыцягнення» для іншых ініцыятыў і выконваюць вельмі запатрабаваныя ці ўнікальныя для інфраструктуры грамадзянскай супольнасці функцыі.


Ці можа адна арганізацыя атрымаць больш за 60 000 еўра ў межах праграмы 
Belarus Beehive 2.0?


Згодна з рэгламентацыйнымі дакументамі Еўрапейскай камісіі, у рэгрантавых праграмах існуе абмежаванне на атрыманне адной арганізацыяй ці ініцыятывай сумы, большай за 60 000 еўра. Гэта тычыцца ўсіх лотаў на ўсіх тэрмінах падачы на грантавы конкурс. Менеджмент праграмы вядзе цяпер перамовы з донарам наконт скасавання гэтага абмежавання для дасягнення мэт праграмы Belarus Beehive 2.0. Пры змене пазіцыі донара заяўнікам будзе паведамлена пра гэта праз наяўныя каналы камунікацыі. Гэта абмежаванне не датычыць арганізацый, якія далі свае паслугі ў абслугоўванні праектаў ініцыятывам, што не маюць зарэгістраванага статусу і банкаўскага рахунка.
Падрабязней гл. Corrigendum № 2 да п. 2.2
Палажэння..  

bottom of page